Сядзіба Грабніцкіх у Шумілінскім раёне

Старадаўняя сядзіба Грабніцкіх у Обалі – мясцовая славутасць. Двухпавярховы палац у класічным стылі быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя для былога каралеўскага камергера Юзэфа Грабніцкага. Вакол дома існаваў прыгожы парк з сіметрычна-восевай планіроўкай. Значная перабудова адбылася ў будынку ў 1905-1907 гадах.

У гады Вялікай Айчыннай вайны яго памяшканні выкарыстоўваліся немцамі як шпіталь. На акупаванай тэрыторыі Шумілінскага раёна з пачатку 1942 па жнівень 1943 года дзейнічала падпольная Камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы», асноўную частку якой складалі вучні Обальскай школы.

У 1958 годзе ў іх гонар на будынку была ўсталявана мемарыяльная дошка. Пасля вайны ў былым палацы знаходзіўся інтэрнат завода керамічных вырабаў. У сярэдзіне 1990-х сядзібны дом моцна пацярпеў ад пажару, у выніку якога ацалелі толькі сцены палаца з чатырохкалонным порцікам.

Mobirise

У наш час ад шыкоўнага комплексу засталіся толькі вонкавыя сцены палаца. Ад былой сядзібы да цяперашняга часу захаваліся таксама рэшткі парку і дом кіраўніка, у якім размяшчаецца музей Обальскага камсамольскага падполля.

Mobirise

Цікавы факт

Яшчэ ў 1985 годзе ля параднага ўваходу будынка красаваліся дзве невялікія скульптуры львоў, пазней іх перанеслі на тэрыторыю керамічнага завода, далей ад спрытных рук. Але зусім нядаўна львы зноў “перабраліся” на тэрыторыю былой сядзібы. Праўда, зараз яны ўсталяваны ля ўваходу ў музей і сустракаюць кожнага яго наведвальніка.

Подготовила Елена ЧАПЛЕВА, верстка Петра ЧИМКОВСКОГО

2022 © Витебские вести. Специальный интернет-проект "Бацькаўшчына"

Develop your own web page with Mobirise