Таямніцы сядзібнага дома ў Расонах

Сядзібны дом пана Гласка – вядомае і славутае месца ў Расонах.

У 1985 годзе Сядзібны дом уключылі ў “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Віцебскай вобласці”, ў 2002 годзе ўнеслі ў Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сядзіба знаходзіцца амаль ў цэнтры гарадскога пасёлка на беразе возера Расона. Больш за стагоддзе манументальны будынак выклікае цікавасць мясцовых жыхароў і гасцей райцэнтра. 

Mobirise

Былы сядзібны дом Станіслава Гласка - помнік сядзібна-паркавай ахітэктуры пачатку XX стагоддзя. У канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў на тэрыторыі сучаснага Расонскага раёна існавала каля 100 (ста) панскіх сядзіб, але захавалася толькі адна – у райцэнтры, які раней называлі Станіславова і валодаў ім род Гласка.

На мяжы стагоддзяў род Гласка лічылі адным з найбуйнейшых землеўласнікаў на тэрыторыі сучаснага Расонскага раёна. Гісторыя роду губляецца ў вяках, звестак амаль не захавалася. У “Памятнай кніжцы Віцебскай губерніі на 1878 год” адзначана, што роду Гласка ў Полацкім павеце належалі маёнтак Станіславова (1777дзесяцін), вёскі Булаўкі (981), Чарэпіта (2421), Замшаны (681), Міхалова (2654), Арцейкавічы (468), Чорнае (114).

Антоній Урбанскі ў кнізе “Напамін аб памежжы” пісаў, што пачынальнікам шляхецкага роду Гласка ў 1535 годзе стаў Рыгор, сын Льва Гласка. З таго часу маёнтак Станіславова стаў іх родавым гняздом. 4 стагоддзі ён перадаваўся ў спадчыну ад бацькі да сына.


Згодна паданню, Станіславова - маёнтак з 128 дзесяцінамі зручнай для апрацоўкі зямлі, 400 дзесяцінамі няўдобіц і 800 дзесяцінамі пад лесам - атрымаў старэйшы сын Станіслаў.


Да нашага часу не дайшло ніводнага партрэта знакамітага суайчынніка, і мы можам толькі ўяўляць яго.  


З успамінаў землякоў вядома, што Станіслаў Гласка атрымаў добрую адукацыю. Як і многія дваране таго часу, часта бываў у Еўропе. У Польшчы ён закахаўся ў дзяўчыну з багатай сям'і і зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Маладая полька пагадзілася выйсці замуж за Станіслава толькі пры ўмове, што для будучай сям'і ён пабудуе на сваёй радзіме такі ж палац, як і ў яе бацькі. Як сведчыць паданне, «шчаслівы выпадак» дапамог маладому пану выканаць просьбу каханай: грошы ён выйграў у Варшаўскім казіно.


У 1904 годзе Станіслаў у Станіславове ўзвёў палац у стылі неаготыкі па праекце архітэктара Эдмунда Фрыка. Гісторыкі таго часу апісвалі сядзібны дом як казачна прыгожы палац, узняты на магутны падмурак.
І сёння будынак прыцягвае ўвагу сваёй веліччу, гісторыяй, энергетыкай. Больш чым за стогадовае існаванне сядзіба добра захавалася.  

Mobirise

Фасады і дах сядзібы вызначаюцца складанай канфігурацыяй. Прасторавая кампазіцыя набывае дынамічную асіметрычную трактоўку з ярусным, ступенчатым нарастаннем аб’ёмаў па дыяганалі: паўднёвая частка будынка - аднапавярховая, цэнтральная - двухпавярховая, паўночная – трохпавярховая.

Mobirise

Для стварэння сярэдневяковай вобразнасці архітэктар шырока выкарыстоўваў неагатычныя формы: гранёная вежачка размешчана на паўднёвай частцы, высокім ступенчатым шчытом з люкарнай завершаны асноўны двухпавярховы аб'ём. Элементы дэкора, якія мы бачым сёння на цэнтральнай частцы фасада, не маюць дачынення да стылю неаготыкі, а адлюстроўваюць пасляваенны лёс будынка і яго выкарыстанне. 

Паўночная частка сядзібы ўяўляе сабой вежу з шатровым дахам і капліцай. На здымках пачатку XX стагоддзя над цэнтральнай і паўночнай часткамі сядзібы бачны вострашпільныя шатровыя дахі, але ў гады Вялікай Айчыннай вайны яны былі зруйнаваны.

Пад дахам вылучаюцца машыкульныя фрызы, аркатурныя паясы, выступаючыя карнізы. Аркатуры асноўнага аб’ёму спалучаецца з пілястрамі ў выглядзе калон. Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркульныя і лучковыя арачныя завяршэнні.. Аднак на самой справе колькасць іх перабольшана.

На галоўным фасаде - 16, на паўночным - 8, на заднім - 23 або 24,на паўднёвым – 5 – усяго - 52 акны.

Mobirise

Разнастайная пластыка задняга фасаду ўзмацняе шматпланавасць кампазіцыі сядзібы: Маляўнічасць архітэктурнага сілуэту спалучаецца з каларыстычным рашэннем, у якім злучаюцца паліхромны каменны мур цокаля, чырвоны колер высакаякаснага цаглянага мура фасада і светла-шэры колер дэкаратыўных элементаў.

За сядзібай знаходзіцца возера, пасярод якога размяшчаўся штучны востраў. Кажуць, што ўзімку сяляне па загадзе пана Станіслава вазілі зямлю на конях, каб насыпаць востраў. Ваду ж для сям'і дастаўлялі з крыніцы Серабранка, што недалёка ад вёскі Марачкова.

Mobirise

Як пісаў Антоній Урбанскі, побач з сядзібай знаходзілася малочная ферма. З дапамогай найлепшага на той час абсталявання вырабляліся сыры і масла. Малочныя вырабы затым закупляла знакамітая ў тыя гады пецярбуржская фірма “Кюба”.

Была ў маёнтку свая лесапільня. Пераапрацаваная сасновая і яловая драўніна сплаўлаляся па Дзвіне да Рыгі, дзе потым перапрадавалася.  

Mobirise

Унутры палац мае складаную канфігурацыю.

Безумоўна сення мы не убачым залы таго часу, бо на працягу 20-га стагоддзя ў будынку размяшчаліся самыя розныя арганізацыі і ўстановы:

пасля рэвалюцыі 1917 года ў будынку размяшчаўся аддзел народнага камісарыяту ўнутранных спраў;

у 30-я гады тут знаходзіўся Расонскі раённы выканаўчы камітэт і райкам камуністычнай партыі Беларусі;

падчас Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібе была нямецкая камендатура. У падвальнай частцы будынку фашысты зрабілі турму. За кратамі трымалі арыштаваных мірных жыхароў і падпольшчыкаў.Сярод іх была маці партызанскага камандзіра П.М.Машэрава -Д.П.Машэрава.

Пасля вызвалення Расонскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сядзібным доме размяшчаўся Расонскі райвыканкам.

З 1945 года па 1961год пакоі сядзібнага дома абсталявалі пад раённую бальніцу, а ў 80 -я – пад Дом састарэлых.

У 1990 гадах у будынку быў раённы аддзел народнай адукацыі, а пасля - дзіцячая турыстычная база.

А з 1989 года - Дом піянераў, які ў 1990 перайменаваны ў Дом школьніка, затым, у 2003 годзе - у Цэнтр пазашкольнай работы і ў 2012 - у Цэнтр дзяцей і моладзі. 

Такое выкарыстанне будынка пакінула адбітак на яго абстаноўцы ўнутры, і перанесціся ў пачатак 20 стагоддзя нам дапамогуць запісы Антонія Урбанскага:


“Сталовая зала была вытрымана ў «гданьскім» стылі. У будуары стаяла мэбля з чырвонага дрэва, інкруставаная слановай косткай. Існаваў «дубовы» кабінет, аформлены габеленамі. У «гданьскіх» шафах побач з фарфорам захоўваўся крышталь. Сцены былі ўпрыгожаны парчой, шалямі, карцінамі мастакоў італьянскай школы. Велізарную каштоўнасць прадстаўлялі дзве кампазіцыі: «Мадонна» і «Святы Себасцьян» невядомых майстроў.
«Падвальную частку замка складаюць прасторныя пакоі з высокай столлю. У гэтых памяшканнях знаходзілася кухня, дзе захоўваліся прадукты. Калісьці тут стаялі бочкі з сырамі, залітымі сметанкавым алеем. Са склепа вядзе лесвіца ў пакой на першы паверх».  


Як склаўся лёс сям’і Гласка пасля рэвалюцыі, невядома. Кажуць, што яны асталяваліся ў Еўропе, а нашчадкі знакамітага роду зараз жывуць у Расіі, Польшчы і Германіі. І няма фактаў, што нехта з іх наведваў малую радзіму і продкаў.

Лёс сядзібнага дома Станіслава Гласка сення хвалюе ўсіх жыхароў Расонскага раёна.    

Соловьев Сергей, г.п. Россоны. Фото и верстка Петра ЧИМКОВСКОГО

2022 © Витебские вести. Специальный интернет-проект "Бацькаўшчына"

Create a website with Mobirise