БАЦЬКАЎШЧЫНА

проект приурочен к Году исторической памяти

Mobirise

1980 - Дзень горада ў Віцебску

У карнавале ўдзельнічалі дзясяткі рознакаліберных транспартных сродкаў, якія былі крэатыўна аформлены прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі горада. Яны рухаліся з Кіраўскага моста, абапал вуліцы стаялі людзі і з цікавасцю глядзелі на аўтамабілі, у кузавах якіх былі прадстаўлены казачныя героі і разыгрываліся розныя тэматычныя сюжэты.

Матацыкл, што вязе ў калясцы сімвал Алімпіяды, магчыма, належаў арганізацыі па рэалізацыі латарэй, бо на баку абшыўкі (1) нанесены надпіс «Призы, подарки, сувениры».

На заднім плане фатаграфіі адлюстраваны будынак тэатра імя Якуба Коласа, прыкрыты дрэвамі, з якіх захаваўся толькі магутны дуб (2). За плотам (3) знаходзіліся археалагічныя раскопкі, распачатыя ў 1977-м вядомым беларускім навукоўцам Міхасём Ткачовым.

У 2012 годзе ў інтэрв’ю абласной газеце «Народнае слова» ўдзельнік экспедыцыі Леанід Калядзінскі згадваў, што плошча раскопак перавышала 600 кв. м. Былі знойдзены выдатна захаваныя драўляныя збудаванні ХІІ – ХVІ стст., тысячы прадметаў быту, упрыгожванні, зброя, кераміка. Гэта дало падставу археолагам звярнуцца да ўлад з ініцыятывай стварэння музея.

Mobirise

Віцебскі каток у 60-я

Здымак віцебскага фатографа Эдуарда Паляка пераносіць нас у 1966-ы, калі яшчэ замест «сіняга» стаяў даволі элегантны белы дом (1), а таксама існавала паўднёвая забудова (2) плошчы Свабоды. Дарэчы, за пяцьдзясят гадоў дрэвы па ўскрайках Духаўскага рова выраслі так, што не дазваляюць паўтарыць ракурс сучаснаму майстру, які быў вымушаны значна павярнуць камеру ўправа.

На пярэднім плане галоўная спартыўная пляцоўка тагачаснага Віцебска, якая зімой служыла канькабежцам і аматарам гульні ў хакей з мячом, а летам – футбалістам і валейбалістам.

Каток працаваў да позняга вечара і з’яўляўся месцам збору моладзі цэнтральнай часткі Віцебска. Паводле ўспамінаў старажылаў, уваход быў платны. Але прайсці можна было і за так – кожны падшыванец ведаў сваю дзірку ў агароджы (3).

Mobirise

Як выглядала плошча Перамогі ў Віцебску ў 60-я

Погляд на саму школу (1) з аднаго з паверхаў дома, вядомага лозунгам на даху – «Подзвіг савецкага народа бессмяротны». Ён пачынаў узводзіцца ў сярэдзіне 1960-х па перадавой тэхналогіі буйнапанэльнага будаўніцтва і быў першым у Віцебску жылым домам з ліфтам і смеццеправодам.

На пярэднім плане мы бачым тагачасную друкарню (2) з гаспадарчым дваром. Побач – частка тэрыторыі ДТСААФ (3), дзе была аўтамоташкола. Навучэнцы ў асноўным трэніраваліся на трафейных аўтамабілях і матацыклах. Ветэран добраахвотнага таварыства Мікалай Вялюга згадвае, што тады структуру ўзначальваў генерал-маёр у адстаўцы Аляксандр Бялоў, які хадзіў у шынялі без пагонаў. У 1962 годзе пачала дзейнічаць школа юнага мотагоншчыка, на практычныя заняткі выязджалі ў парк Мазурына. Трэнерамі былі Пётр Башнёў і Валерый Сухамлінаў. На арганізацыйны збор завіталі 300 хлопцаў, што жылі ў наваколлі. З іх засталося 6 – 7 чалавек, якія ў далейшым сталі прафесіяналамі – майстрамі спорту СССР і трэнерамі, у тым ліку і Мікалай Вялюга.

Старажылы сцвярджаюць, што двор ДТСААФ быў літаральна забіты тэхнікай, на фатаграфіі мы ж бачым усяго тры адзінкі. Сярод іх і бронемашына (4), якая ў 1950-я выязджала на трэніровачныя заняткі на тагачасную Аршанскую плошчу (5). Па словах віцебскага фатографа Міхаіла Шмерлінга, пляц не быў заасфальтаваны, таму танкетка ганяла за сабой вялікія клубы пылу. Паглядзець на майстэрства будучых салдат Савецкай арміі збіралася даволі шмат людзей.

Але падчас здымак друкарня і ДТСААФ на гэтым месцы дажывалі апошнія месяцы ці нават дні, бо вялося выкананне генплана развіцця горада па пашырэнні і добраўпарадкаванні Аршанскай плошчы. Ужо быў разбіты сквер (6), які выходзіў на праезджую частку сучаснай вуліцы Леніна (пазней ён таксама заняў тэрыторыю друкарні і ДТСААФ). Будаваўся дом на вул. Жасткова, 8 (рэстаран «Вікторыя»), на чарзе быў комплекс з рэстаранам «Журавінка» і магазінам «Веста» (першапачаткова ён называўся «Цэнтральны»). Друкарня пераехала на вул. Шчарбакова-Набярэжную, а аўтамоташколу перавялі ў Марскую школу (вул. Сярэдненабярэжная), пакуль не пабудавалі для яе базу ў раёне 5-га Камунальнага.

На старым здымку мы таксама бачым капітальную канструкцыю трамвайнага прыпынку (7), будынак сударамонтных майстэрань (8), Палац культуры будтрэста №9 (9), малаказавод (10).

Тэлевізійны сігнал прыйшоў у Віцебск 1 мая 1959 года, калі на Юр’евай Горцы паставілі тэлевежу. У 1983-м па праекце ўкраінскіх спецыялістаў яе замянілі на новую (11) вышынёй 243,9 м. Тэлегледачы атрымалі магчымасць глядзець дзве саюзныя праграмы і адну рэспубліканскую. Тэлевежа стала важным элементам панарамы горада.

This website was built with Mobirise